Tags: што рабіць?

араты

І што рабіць?

Заканчваецца другое межсезонне, якое я правеў у ЖЖ. І калі той зімой я болей навучаўся, разбіраўся, то гэтым разам я ўжо змог крышачку прывесці ў парадак думкі, зрабіць нейкія высновы. Але пытанняў ад гэтага стала яшчэ болей.
Хаця я і жыву ў вёсачцы, але маю стасункі не толькі з сялянамі, а нават болей з жыхарамі правінцыйных гарадоў, той большасцю беларусаў, якіх у Інтэрнэце часцяком называюць "чарачна-шкварачным электаратам". Так, ёсць такія, але іх , думаю, не нашмат болей, чым у еўрапейскіх краінах, і не болей, чым у Расеі, альбо ва Украіне. Часам я ім зайздрошчу - яны жывуць простымі паразуменні. Безумоўна і ў іх ёсць праблемы, але тыя праблемы вырашальныя, і, галоўнае, тыя праблемы не гвалцяць мозг. Але я не хацеў бы жыць як яны - іх жыццё падобнае на жыццё маіх любых раслін, за якімі я даглядаю.
І ўсё ж большая частка правінцыяльных беларусаў - думаючыя, не абыякавыя, сумленныя людзі. Сярод іх ёсць сяляне, гандляры, прадпрымальнікі, рабочыя, інжынеры, настаўнікі, медыкі, але ўсіх іх цікавіць становішча спраў у Беларусі. Яны не задаволеныя гэтым становішчам, яны прагнуць перамен, але перамен у лепшы бок.Чаму ж яны не змагаюцца за перамены? Па-першае яны гэта не ўмеюць рабіць - калі на гэтай зямлі апошні раз людзі змагаліся за лепшую долю? Скажаце ў пачатку 90х? Так, але вынік таго змагання вельмі мала каму спадабаўся. Адмоўны вопыт, аднак.
Па-другое, ў гэтых людзей не сфарміраваліся адзіныя патрабаванні, за што змагацца. Так, кожны з іх ведае, што яму не падабаецца, шмат хто ўяўляе чаго ён жадае, але каб гэтым людзям аб'яднацца, патрэбна АГУЛЬНАЯ ІДЭЯ. А яе няма! Скажаце што апазіцыя прапаноўвала і агучвла гэткія ідэі і не раз? Неа, нават я , які ўсе ж даволі актыўна цікавіцца палітычным жыццём, нават я не чуў гэтую агульную ідэю. Так, шмат лозунгаў, кшталту лукашэнкаўскага "За богатую и процветающую Беларусь!", а адзінай ідэі ні разу не чуў. Ды й аб якой адзінай ідэі для ўсяго беларускага народа можна гаварыць, калі нават для сябе апазіцыянеры не могуць выпрацаваць адзіную ідэю!
Дарэчы аб мове і апазіцыі. Вось гэтыя , не абыякавыя, сумленныя беларускія правінцыялы з павагай ставяцца да беларускай мовы. Чаму ж не размаўляюць? Шмат прычын, усе доўга пералічваць, але аб адной скажу. Калі я з гэтымі знаёмымі размаўляю на беларускай мове, тым больш на палітычныя, альбо грамадскія тэмы, то чую "Гена, ты что, в оппозицию подался?".Вось, у нас беларуская мова часцей за ўсё ўспрымаецца, як тайная мова апазіцыі:) А апазіцыя, ў уяўленні правінцыяльных беларусаў, гэта тыя, аб кім яны часцей за ўсё чуюць па тэлевізары, калі іх ругаюць улады ( і гэта дабаўляе сімпатый апазіцыі, бо ўлады іх ругаюць), альбо бачаць прадстаўнікоў гэтай апазіцыі перад выбарамі (што ўжо не дабаўляе ім сімпатый, бо рэдка і пад тэму)
Ну і крышачку на гэтую ж тэму, але з Інтэрнэту. Учора ў ленце сяброў прчытаў брыдкае выказванне наконт беларусаў са ссылкай на ЖЖкарыстальніка, якога ня блага ведаюць на бай-поле. Безумоўна я не стрымаўся, каб не ўставіць свае пяць капеек на беларускай мове. Першая рэакцыя што я "змагар". Я патлумачыў, што я не "змагар", а звычайны селянін. І ведаеце, нават тыя, чые каментарыі ніколі не бачыў на беларускай мове, пачалі адказваць мне на беларускай! Значыць нас, беларусаў, шмат, мы проста гэтага нават самі не ведаем.Але ведаеце, нават тут, у ЖЖ, беларуская мова асацыіруецца вельмі часта са "змагарамі". І часцей за ўсё "змагар" гучыць не як пахвала.
Значыць усе гэтыя 18 год усё рабілі ня правільна! Не, не Лукашэнка, ён якраз рабіў да апошняга года ўсё правільна. Дык хто вінаваты? Не, не правільна, бо правільна будзе што рабіць?:)